ЛЕ́ТАПІС ПРЫРО́ДЫ,

спецыяльная кніга, якая вядзецца ва ўсіх запаведніках. Ствараецца па агульнай праграме, у якой улічваецца спецыфіка кожнага запаведніка. Змяшчае шматгадовую сістэматызаваную інфармацыю аб прыродных працэсах і з’явах на тэр. запаведніка. На Беларусі найб. працяглы Л.п. вядзецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.

Уключае звесткі пра тэрыторыю, рэльеф, глебы, воды, кліматычныя ўмовы, флору і фауну, фіксуе стан рэжыму карыстання і ўплыў антрапагенных фактараў, адлюстроўвае стан і дынаміку ахоўных абіятычных і біятычных аб’ектаў, змяшчае каляндар прыроды, назіранні за паводзінамі жывёл, звесткі навук. даследаванняў і інш. матэрыялы. Л.п. дазваляюць вывучаць заканамернасці развіцця прыродных працэсаў на пэўнай тэрыторыі і выкарыстоўваюцца ў геабат., фларыстычных, фауністычных, феналагічных і інш. даследаваннях.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)